«Галоўны прынцып - не нашкодзь»: ляснічы Ігар Гром аб абароне зялёнага сэрца краіны
Дата: Вер. 21, 2026
- Я абраў для сябе прафесію яшчэ ў дзяцінстве, калі з бацькам хадзіў нарыхтоўваць дровы, калі бегаў па любімых месцах у грыбы, - дзеліцца ляснічы Засімаўскага лясніцтва Кобрынскага вопытнага лясгаса Ігар Гром. - Для нас, вясковых рабят, якія раслі без гаджатаў, лес з'яўляўся неад'емнай часткай жыцця, любімым месцам правядзення вольнага часу.
Пасля заканчэння школы Ігар Мікалаевіч паступіў у Полацкі тэхнікум лясной гаспадаркі - зараз дзяржаўны лясны каледж.
У час вучобы яшчэ больш пераканаўся ў правільнасці выбранага шляху. У 1995 годзе прыйшоў майстрам у Запрудскае лясніцтва:
- У Зосімах знаходзіўся адзін з участкаў, дзе і давялося мне пачынаць працоўную дзейнасць.
Калі міжкалгасныя лясы перадалі ў ведамства лясной гаспадаркі, тут было створана лясніцтва, якое я і ўзначаліў.
Сёння пад аховай Ігара Грома знаходзіцца 10989,9 га ляснога масіву. У камандзе разам з ім працуюць 19 чалавек. Памочнік ляснічага, майстры, трактарысты, лесаводы, дапаможныя рабочыя. У кожнага свае задачы, але мэта агульная - захаванне і памнажэнне лесу.