⚡️Міністр лясной гаспадаркі азнаёміўся з працай Калінкавіцкага лясгаса

Дата: Кас. 28, 2026

Сяргей Ульдзіновіч разам з групай кіраўнікоў Мінскага і Віцебскага ДВЛГА ацаніў работу гадавальніка і дрэваапрацоўчага цэха лясгаса, Вялікааўцюкаўскага і Калінкавіцкага лясніцтваў.

Дырэктар Ягор Калмычэнка расказаў аб асноўных паказчыках работы ўстановы. На сёння лясгас - лідэр у Гомельскай вобласці па эканамічных паказчыках. Але як адзначыў Сяргей Ульдзіновіч з той разліковай лесасекай па галоўным карыстанні, што ёсць у лясгаса - а гэта больш за 140 тысяч кубаметраў па хвойнай гаспадарцы - эфектыўнасць выкарыстання рэсурсаў можа і павінна быць яшчэ вышэйшай.
У ходзе наведвання структурных падраздзяленняў лясгаса было адзначана: стан лясных культур нароўні з выкананнем прамысловых паказчыкаў павінны быць прыярытэтам у рабоце ляснічых.

Міністр таксама нагадаў аб дадзеным раней даручэнні ўстанавіць у кожнай вобласці абсталяванне для вытворчасці сеткі для абароны лясных культур ад дзікіх жывёл. 

У Гомельскай вобласці такая вытворчасць будзе наладжана якраз на базе Калінкавіцкага лясгаса. Сяргей Ульдзіновіч запатрабаваў перайсці ад планаў да канкрэтных дзеянняў. І прывёў у прыклад Старадарожскі вопытны лясгас, які аператыўна разгарнуў вытворчасць і штодзень выпускае 24-25 рулонаў сеткі. Праца арганізавана па графіку 2 праз 2.
Міністр лясной гаспадаркі звярнуў асаблівую ўвагу на пытанні ўзаемадзеяння з насельніцтвам. Размова, у прыватнасці, ішла аб рэалізацыі дроў і пелет. 

Пастаўлена задача разгарнуць больш актыўную рэкламную кампанію па папулярызацыі анлайн-сэрвісу па заяўках на дровы і магчымасці набыцця пелет у лясгасаў.

- У кожнага лясгаса павінен быць пастаянны і папаўняемы запас пелет для задавальнення патрэбнасцей насельніцтва, - падкрэсліў міністр, запатрабаваўшы пазней у рамках пленарнага пасяджэння калегіі ўстанавіць таксама адзіную цану ў галіне на ўпаковачны матэрыял для пелет і паддоны, на якіх яны адгружаюцца.
На гадавальніку Калінкавіцкага лясгаса міністр звярнуў увагу на неабходнасць павелічэння выручкі ад рэалізацыі пасадачнага матэрыялу. 

Там жа размова зайшла і аб падыходах да лесааднаўлення ў цэлым. Разгарэлася дыскусія на тэму таго, што больш эфектыўна: першапачаткова пры стварэнні лясных культур высаджваць большую колькасць пасадачнага матэрыялу на гектар, але ў далейшым мінімізаваць аб'ёмы дапаўнення, або прытрымлівацца дзеючай схемы з наступным дапаўненнем лясных культур. Падчас абмеркаванняў удзельнікі практычна аднагалосна падтрымалі першы варыянт. Да таго ж гэта эканамічна больш выгадна.
Наведваючы дрэваапрацоўчы цэх лясгаса, Сяргей Ульдзіновіч запатрабаваў забяспечыць павелічэнне прадукцыйнасці наяўных ліній лесапілавання. Ёсць прыклады, калі аналагічнае абсталяванне ў іншых лясгасах дае вялікую выпрацоўку. 

Асобна звернута ўвага на неабходнасць павелічэння долі выхаду экспартнай прадукцыі, зніжэння нормы расходу сыравіны, больш дасканалай дапрацоўкі піламатэрыялаў для далейшай рэалізацыі.
Прама на месцы па даручэнні міністра група кіраўнікоў сумесна перасартавала частку піламатэрыялу, які захоўваецца.

У час знаёмства з работай Калінкавіцкага лясгаса былі пастаўлены і іншыя задачы.